Пра што неабходна падумаць, перш чым выходзіць на лёд?
Няўстойлівае надвор'е, якое суправаджаецца то моцнымі маразамі, то вясновай адлігай, натуральна, уплывае і на таўшчыню лёду на вадаёмах. Аднак аматары зімовай рыбалкі, а таксама іншыя экстрэмалы, якія шукаюць іншых забаў на неакрэплым ледзяным покрыве, не звяртаюць увагу на прагноз сіноптыкаў і быццам не адчуваюць плюсавой тэмпературы... А потым, калі ўжо праваліліся пад лёд, з усіх сіл, што ў іх яшчэ засталіся, просяць навакольных і ратавальнікаў аб дапамозе, вінавацяць сябе ў неабачлівасці і, прабачце, дурасці.
Гісторыі са шчаслівым канцом і не вельмі...
Першыя ахвяры неакрэплага лёду ў гэтым сезоне былі зафіксаваны вельмі рана. Не паспеў выпасці першы снег і толькі пачало падмарожваць (а было гэта, нагадаю, яшчэ ў лістападзе), як рыбакі, відаць, моцна захацелі рыбы або не хапала ім адрэналіну. Бо як яшчэ патлумачыць прычыну таго, што трое дарослых мужчын накіраваліся на вадаём каля аграгарадка Дворышча, што ў Дзяржынскім раёне, які ледзь-ледзь пакрыўся лёдам?! На працягу двух дзён ратавальнікі шукалі аматараў рыбнай лоўлі пад вадой. Знайшлі. Дапамагчы, зразумела, нікому з іх ужо не паспелі...
Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, пачынаючы з лістапада, на вадаёмах па ўсёй краіне патанула каля 20 чалавек. Сярод ахвяр, на жаль, ёсць і дзіця. Трагічны выпадак з гібеллю непаўналетняга здарыўся ў Мінску акурат напярэдадні святкавання Новага года. 31 снежня двое падлеткаў праваліліся пад лёд на Сляпянскай воднай сістэме. За дзесяць метраў ад берага ратавальнікі пры дапамозе супрацоўнікаў патрульна-паставой службы РУУС выцягнулі з палонкі аднаго з хлопцаў, які абышоўся толькі пераахаладжэннем і моцным спалохам. Другога падлетка дасталі з вады без прытомнасці. Медыкі вярнулі яго да жыцця. Дзяцей шпіталізавалі. Як потым стала вядома, аднаго з іх, 17-гадовага хлопца, выратаваць не ўдалося...
Такі ж лёс напаткаў і аднаго з рыбакоў, якія 3 студзеня лавілі рыбу на Дуброўскім вадасховішчы ў Смалявіцкім раёне. Мужчыны былі занятыя любімай справай, як нечакана трэснуў лёд — абодва апынуліся ў вадзе. Да прыбыцця супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адзін з іх быў выратаваны неабыякавымі грамадзянамі. Другога рыбака выцягнуць на бераг не ўдалося — на момант прыбыцця ратавальнікаў ён ужо знаходзіўся без прыкмет жыцця.